http://euraforum.info Іншае Сходы г.Мінск г.Мінск, Сухарава

Сухарава пайшло на рэкорд (фота)

Удзельнікі сходу вылучылі на Форум 29 дэлегатаў, а Зміцер Вайцюшкевіч зладзіў паўнавартасны канцэрт.

Управа Партыі БНФ у пятнічны вечар была перапоўнена. Сваю ролю адыграла вялікая колькасць запрашэнняў, якія разаслаў сваім прыхільнікам арганізатар сходу Алесь Лагвінец. Магчыма таксама, многія удзельнікі сходу загадзя даведаліся, што аргкамітэт падрыхтаваў сапраўдны падарунак прыхільнікам сучаснай беларускай музыкі.

Вядучым сходу абралі Алеся Лагвінца, сакратаркай – Дар’ю Каткоўскую, якая дамаглася стварэння беларускамоўнай групы ў сухараўскім дзіцячым садку.

Пра тэхнічныя і арганізацыйныя моманты, датычныя арганізацыі Беларускага  Еўрапейскага Форуму распавёў каардынатар аргкамітэту па Мінску Юрась Меляшкевіч.

Памочнік лідэра Руху “За Свабоду”Алесь Лагвінец у сваім выступе папулярна растлумачыў прычыны новай палітыкі Еўразвязу адносна Беларусі. Паводле яго слоў, пасля недэмакратычных выбараў у 2006 годзе кантакты Беларусі і ЕЗ былі практычна спыненыя. Але паступова стала зразумела, што стаўка на ізаляцыю рэжыму не спрацоўвае. Нягледзячы на тое, што грамадства хоча пазітыўных зменаў, яно, аб’ектыўна не гатовае змагацца з цяперашняй уладай. Да таго ж, пачала імкліва расці эканамічная залежнасць ад Расіі.

Еўразвяз распачаў новую палітыку ў дачыненні да Беларусі. Былі знятыя абмежаванні на ўезд у краіны ЕЗ для шэрагу беларускіх чыноўнікаў, Беларусь запрасілі да ўдзелу у праграме Усходняга партнёрства, актывізаваліся міжнародныя кантакты, МВФ аказвае рэальную падтрымку Беларусі ва ўмовах сусветнага крызісу. Ёсць пэўныя пазітыўныя крокі ў адказ і з боку уладаў.

Паводле Алеся Лагвінца, задача арганізатараў Беларускага Еўрапейскага Форуму аб’яднаць праеўрапейскія сілы краіны, актывізаваць працэсы еўраінтэграцыі і, па магчымасці, ўплываць на ўладу, падштурхоўваць яе на шляху збліжэння з ЕЗ. Улада павінна разумець, што танныя візы, эканамічная дапамога, інвестыцыі наўпрост залежаць ад канкрэтных крокаў па дэмакратызацыі сістэмы.

Памочнік Аляксандра Мілінкевіча лічыць, што сапраўдны дыялог з уладамі рэальны, калі мы будзем мацнейшымі. Мы павінны шукаць больш магчымасцяў для камунікацыі з грамадствам,  павялічэння кола нашых прыхільнікаў. Тады з намі будуць лічыцца.

Прысутныя актыўна абмяркоўвалі, чаму на сходзе няма мясцовых дэпутатаў, ці нармальна, што беларусы чакаюць салідарнасці ад Захаду, але самі яе праяўляюць далёка не заўсёды, як так здарылася, што нашы суседзі развіваюцца па дэмакратычнаму шляху, а у нас такая анамалія.

На сходзе прынятае рашэнне вылучыць дэлегатамі на Беларускі Еўрапейскі Форум 29 чалавек. Сярод іх актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Таўстыка, настаўніца ангельскай мовы Мар'яна Груздзіловіч, праваабаронца Людміла Гразнова, выкладчык ЕГУ Зміцер Карэнка, журналіст Вадзім Александровіч і іншыя.

Сход перайшоў у музычную вечарыну. Зміцер Вайцюшкевіч узяў гітару і выканаў шэраг сваіх лепшых песень, сярод якіх “Дарога”, “Галодны воўк”, “Мора”, Мірныя людзі”, “Пра Сяброўства”.
 

 

 

Агульная інфармацыя пра
Беларускі Еўрапейскі Форум

Беларускі Еўрапейскі Форум, які меў на мэце мабілізацыю прыхільнікаў еўраінтэграцыі, адбыўся 14 лістапада ў палацы культуры МАЗ.

У мерапрыемсіве ўзялі ўдзел 1023 чалавекі, з іх – 827 дэлегатаў Беларускага Еўрапейскага Форуму, пераважная частка якіх была вылучана на 97 сходах, што праходзілі па ўсёй краіне.

Дэлегаты прынялі ўдзел у дыскусіях падчас працы секцый "Палітыка", "Грамадства" і "Эканоміка".

У межах Форуму былі праведзены фотаконкурс і віктарына, працавала фотазона, былі выраблены і буклеты з інфармацыяй пра перавагі еўраінтэграцыі для розных сацыяльных групаў насельніцтва.

Пасля абмеркаванняў Форум прыняў рэзалюцыю і стратэгічны план дзеянняў праеўрапейскіх сіл на бліжэйшы час, які накіраваны на збліжэнне Беларусі з Еўразвязам.

Шаноўныя дэлегаты!

Вы маеце магымасць атрымаць уласныя фотаздымкі, якія былі зроблены у фотазоне пад час форуму. Для гэтага дашліце на адрас info@milinkevich.org сваё імя, адрас і кантактны тэлефон. Абавязкова пазначце адрас старонкі, дзе размешчаны здымак. Цягам пяці працоўных дзён Вам адкажуць.