http://euraforum.info Іншае Сходы г.Мінск г.Мінск, Малінаўка-4 (вул. Есеніна, Слабадская, Рафіева)

Малінаўскі сход вылучыў vip-персон (фота)

На Беларускі Еўрапейскі Форум дэлегаваны прадстаўнікі кіраўніцтва Партыі БНФ, Беларускага хельсінскага камітэту, Цэнтра падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў.

Напачатку сходу выступіў яго арганізатар, каардынатар Руху “За Свабоду” па Мінску Юрась Меляшкевіч. Ён распавёў пра прынцыпы адбору прэтэндэнтаў у дэлегаты на Беларускі Еўрапейскі Форум, а таксама пра сходы, якія ўжо адбыліся ў Мінску. Паводле яго слоў, улады, на жаль,  не ідуць насустрач заяўнікам сходаў і да гэтай пары не атрымана дазволу на правядзенне падрыхтоўчых да Еўрафоруму мерапрыемстваў у залах ЖЭСаў, бібліятэк, школ ды іншых падобных памяшканнях.

Гаворачы пра Беларускі Еўрапейскі Форум, Юрась Меляшкевіч адзначыў, што адной з ягоных задач з’яўляецца агучванне пазіцыі грамадзянскай супольнасці адносна праграмы Усходняга партнёрства, прапанаванай летась Еўразвязам.

– Мы са свайго боку павінны сфармуляваць прапановы да Еўразвязу, каб гэтая праграма спрацавала найбольш эфектыўна і з максімальнай карысцю для нашай краіны, каб змены ў палітычным і эканамічным жыцці Беларусі сталі сістэмнымі і незваротнымі, – лічыць мінскі каардынатар Руху “За Свабоду”.

Памочнік і дарадца старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец з дапамогай мультымедыйных сродкаў зрабіў прэзентацыю на тэму “Новая палітыка Еўразвязу і яе выклікі для беларускіх дэмакратычных сілаў”. Алесь Лагвінец патлумачыў прычыны новай палітыкі Заходняй Еўропы адносна Беларусі.

– У беларускіх правячых колах з’явілася незалежніцкая рыторыка. Дзяржава дэманструе жаданне наладзіць стасункі з Еўрапейскімі краінамі. Задача дэмакратычных сілаў – апанаваць працэс збліжэння з Захадам і падштурхнуць улады ў гэтым накірунку, – лічыць дарадца старшыні Руху “За Свабоду”.

Алесь Лагвінец упэўнены, што менавіта Еўразвяз з’яўляецца важнейшым чыннікам мадэрнізацыі беларускай эканомікі і захавання незалежнасці нашай краіны. Еўразвяз ніколі не адмаўляўся ад 12 умоў і будзе ўсяляк спрыяць дэмакратызацыі Беларусі але вольную краіну мусяць будаваць яе грамадзяне.

З прывітальным словам перад прысутнымі выступіў намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч. Ён распавёў, што на Беларускім Еўрапейскім Форуме запланаваны ўдзел прыкладна тысячы дэлегатаў, якія абіраюцца на сходах грамадзян, альбо вылучаюцца ад грамадскіх арганізацый. Мэта Форуму – стварыць дадатковы паўнавартасны суб’ект дыялогу, які будзе прадстаўляць інтарэсы дэмакратычнай супольнасці ў стасунках паміж Беларуссю і Еўразвязам.

Перад удзельнікамі сходу выступіў старшыня Цэнтра падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў акадэмік Іван Нікітчанка. Паводле яго слоў, праблема радыёактыўнага забруджвання будзе яшчэ вельмі доўга актуальнай для Беларусі. Еўразвяз гатовы падтрымаць нашу краіну ў вырашэнні чарнобыльскіх праблемаў, аднак улады гэтыя праблемы замоўчваюць. Таму шэраг ужо распрацаваных мерапрыемстваў і тэхналогіяў па абароне насельніцтва не задзейнічаны. Іван Нікітчанка ўпэўнены, што ў выпадку збліжэння Беларусі з Еўразвязам у гэтай сітуацыі будуць станоўчыя зрухі.

У якасці дэлегатаў на Беларускі Еўрапейскі Форум абрана 10 чалавек сярод якіх акадэмік Іван Нікітчанка, намеснік старшыні Партыі БНФ, адзін з кіраўнікоў кампаніі “Будзьма” Ігар Лялькоў, вядомы юрыст, намеснік старшыні БХК Гары Паганяйла, каардынатар Руху “За Свабоду” па Мінску Юрась Меляшкевіч.

Агульная інфармацыя пра
Беларускі Еўрапейскі Форум

Беларускі Еўрапейскі Форум, які меў на мэце мабілізацыю прыхільнікаў еўраінтэграцыі, адбыўся 14 лістапада ў палацы культуры МАЗ.

У мерапрыемсіве ўзялі ўдзел 1023 чалавекі, з іх – 827 дэлегатаў Беларускага Еўрапейскага Форуму, пераважная частка якіх была вылучана на 97 сходах, што праходзілі па ўсёй краіне.

Дэлегаты прынялі ўдзел у дыскусіях падчас працы секцый "Палітыка", "Грамадства" і "Эканоміка".

У межах Форуму былі праведзены фотаконкурс і віктарына, працавала фотазона, былі выраблены і буклеты з інфармацыяй пра перавагі еўраінтэграцыі для розных сацыяльных групаў насельніцтва.

Пасля абмеркаванняў Форум прыняў рэзалюцыю і стратэгічны план дзеянняў праеўрапейскіх сіл на бліжэйшы час, які накіраваны на збліжэнне Беларусі з Еўразвязам.

Шаноўныя дэлегаты!

Вы маеце магымасць атрымаць уласныя фотаздымкі, якія былі зроблены у фотазоне пад час форуму. Для гэтага дашліце на адрас info@milinkevich.org сваё імя, адрас і кантактны тэлефон. Абавязкова пазначце адрас старонкі, дзе размешчаны здымак. Цягам пяці працоўных дзён Вам адкажуць.