Да ўсяго Беларускі Эўрапейскі форум прадэманстраваў Эўропе прадстаўнічасьць сілаў, якія ў той ці іншай ступені гатовыя падтрымліваць Аляксандра Мілінкевіча, а таксама выступаюць за падтрымку эўрапейскага вэктару разьвіцьця Беларусі. У форуме, паводле зьвестак арганізацыйнага камітэту, прынялі ўдзел 809 чалавек, 98 ганаровых гасьцей, 7 кіраўнікоў дыпляматычных місій.
Аляксандар Мілінкевіч: Я не лічу, што гэта пачатак кампаніі. У кампанію варта й можна пайсьці, калі ня толькі ў залі цябе падтрымалі й былі аплядысмэнты, а калі ты сабраў вялікую колькасьць грамадзянскай супольнасьці, калі ў рэгіёнах большасьць цябе падтрымае. Калі мы пойдзем многімі калёнамі хаця б ад нацыянальна-дэмакратычнай часткі, то я ня думаю, што варта ісьці. Мне нецікава гуляць у палітыку, мне непатрэбен яшчэ адзін запіс у працоўную кніжку, што я быў кандыдатам у прэзыдэнты. Я, праўда, хачу перамагаць, і веру, што шанец ёсьць. Так круціцца кола гісторыі, сытуацыя на нашу карысьць. Часткова форум – складнік, але не плянаваная акцыя маёй выбарчай кампаніі.
У сваёй прамове перад удзельнікамі форуму Мілінкевіч заявіў, што лічыць сябе здольным “правесьці Беларусь у Эўропу”.
Аляксандар Мілінкевіч: Калі на выбары пойдзем, пойдзем для перамогі. У 2006 было пякельна цяжка, і то працавалі на перамогу. Тады мы перамаглі страх. Такога страху, які быў перад плошчай, больш ня будзе. У 2011 будзе лягчэй. Рэжым аслаб, яго падтачыла эрозія. Тыя, хто раней рэжым будавалі, цяпер самі зразумелі: сыстэму пара мяняць.
Мы не дапусьцілі развалу й дэзарганізацыі апазыцыі, калі лідэры сыходзілі адразу пасьля выбараў ці зьяжджалі за мяжу. Я, Мілінкевіч, тут, з вамі, я прайшоў з вамі ўвесь шлях. З вамі быў на плошчы ў 2006, з вамі сядзеў у турме на Акрэсьціна. Але давайце не абсалютызаваць асобу, давайце абсалютызаваць супольнасьць, нашу грамадзянскую супольнасьць. Даверыць нацыя незалежнаму грамадзтву прывесьці Беларусь у Эўразьвяз — даверыць і Мілінкевічу. Я здольны прывесьці Беларусь у Эўразьвяз.
Некаторыя СМІ назвалі Беларускі Эўрапейксі форум сходам Трэцяга сэктару. Аднак гэтаму тлумачэньне можна знайсьці ў словах Мілінкевіча, які заявіў, што спадзяецца на падтрымку адзінага кандыдата ад раней створанага Беларускага незалежніцкага блёку менавіта грамадзянскай супольнасьцю.
Аляксандар Мілінкевіч: Тое, што мы стварылі блёк – гэта правобраз выбарчай кааліцыі, хаця мы яго стваралі не дзеля адных выбараў. Я маю надзею, што ён будзе доўга карысным. Напэўна, ён вылучыць свайго кандыдата. Спадзяёмся, што партнэрамі блёку будзе вялікая колькасьць грамадзкіх аб’яднаньняў па ўсёй краіне, бо яны на гэтых нацыянальна-дэмакратычных пазыцыях часьцей за ўсё стаяць. І гэты кандыдат напэўна будзе. Спрэчка наконт адзінага кандыдата старая. Я сам быў адзіным кандыдатам, сам стаў вядомым, “раскручным”, бо быў “адзіным”. Аб’яднаньне людзей ў палітыцы вельмі важна, у аўтарытарнай краіне двойчы. Аднак ёсьць праблемы, калі мы падзяляем розныя каштоўнасьці й па-рознаму бачым будучыню краіны нават у такіх сур’ёзных пытаньнях як “куды мы ідзем?”. Я адчуваў вялікі дыскамфорт у час маёй кампаніі, калі ня мог адказаць на простыя пытаньні: “Скажы, Мілінкевіч, куды мы ідзем? З кім будзем супрацоўнічаць? Эўропа? Расея?” Я ня мог адказаць на гэтыя пытаньні, бо прадстаўляў кааліцыю, у якой усе.
Па выніках працы Форуму была прынятая рэзалюцыя, у якой гаворыцца аб гатоўнасьці да супрацоўніцтва з органамі ўлады па абароне беларускіх нацыянальных інтарэсаў і паглыбленьні інтэграцыі Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам. Дарэчы, Аляксандар Мілінкевіч падчас сустрэчы з журналістамі заявіў, што шкадуе аб прыпыненьні працы Грамадзка-кансультатыўнай рады пра Адміністрацыі прэзыдэнта, патлумачыўшы, што “нават ад такога павярхоўнага дыялёгу” ёсьць карысьць.
http://polskieradio.pl



