Форум адбываецца ў Палацы культуры МАЗу ў сталіцы. Негледзячы на тое, што адказ пра арэнду памяшканьня аргкамітэт форуму атрымаў за два дні да яго правядзеньня, арганізатары здолелі годна падрыхтавацца.
На спатканьне па розных прычынах ня здолелі прыехаць каля 200 вылучаных дэлегатаў, але й бязь іх заля Палацу культуры была цалкам запоўненая людзьмі. Рэгістрацыю прайшлі больш за 800 дэлегатаў і 150 гасьцей, у тым ліку й з замежжа. У прыватнасьці, зь вітальнымі словамі перад дэлегатамі выступілі амбасадар Каралеўства Швэцыі Стэфан Эрыксан, віцэ-старшыня Эўрапейскай народнай партыі, дэпутатка Эўрапейскага парлямэнту Карын Вортман-Кооль, віцэ-маршалак Сэнату Польшчы Зьбігнеў Рамашэўскі, дэпутат Бундэстагу Мануэль Зарацын і іншыя. Удзельнікі форуму пабачылі відэазвароты прэзыдэнта ЭП Ежы Бузэка, экс-прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла, Вітаўтаса Ландсбэргіса.
Паводле намесьніка старшыні Руху “За Свабоду” Віктара Карняенкі, галоўная задача форуму – аб’яднаць прыхільнікаў эўрапеізацыі Беларусі.
В. Карняенка: Павінна адбыцца кансалідацыя людзей, але не на словах, а ў працы. І для таго, каб гэтая праца была дэлегатам патрэбная, ёсьць праграма дзеяньняў. Бо не бывае кансалідацыі бяз працы. Калі гэта атрымаецца, значыць, форум дасягнуў сваёй мэты.
Дэлегаты форуму будуць галасаваць над праграмай дзеяньняў і рэзалюцыяй форуму. Дзеля рэалізацыі задачаў форуму будзе пакліканая Эўрапейская ініцыятыва. Як гэтыя задачы будуць рэалізоўвацца ў практыцы? Адказвае дэлегат БЭФ, сябра партыі БНФ з Барысава, Сяргей Салаш.
С. Салаш: Гэта, па-першае, інфармацыйная праца. Я буду даносіць да жыхароў нашага гораду, што гэты форум адбыўся, якія дакумэнты былі прынятыя й якая ў нас ёсьць візія.
А візія – гэта дзясяткі канкрэтных прапановаў па збліжэньні беларускай эканомікі, палітыкі й грамадзкага жыцьця да эўрапейскіх стандартаў. Гэта, напрыклад, распрацоўка рэгіянальных праграмаў разьвіцьця й інвэстыцыйных праектаў для рэгіёнаў Беларусі, распрацоўка й распаўсюд альтэрнатыўных праграмаў забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі краіны, арганізацыя аналітычнай працы, накіраванай на адаптацыю беларускага заканадаўства да эўрапейскага права, наладжваньне абмену з краінамі ЭЗ і інш.
“Працаваць над гэтым ёсьць каму, – лічыць віцэ-маршалак польскага Сэнату Зьбігнеў Рамашэўскі. – Хаця праца будзе няпростай”, - дадае польскі палітык.
З. Рамашэўскі: Калі глянуць на залю форуму, дзе сярэдні ўзрост – дваццаць зь нечым гадоў, то гэта вельмі рэальна. Гэтыя людзі прагнуць Эўропы. Натуральна, гэта няпроста, найперш таму, што Беларусь моцна залежыць у эканамічным пляне ад Расеі. Залежнасьць Беларусі ад расейскай сыравіны велізарная, зрэшты, Эўропа ў гэтым не дапамагае Беларусі. Эканоміка ў гэтым сэнсе зьяўляецца моцным тормазам.
“Эўрапейскай інтэграцыі Беларусі перашкаджае адсутнасьць дэмакратычных працэсаў у краіне”, – заявіў падсчас брыфінгу старшыня парлямэнцкай групы ЭЗ па Беларусі Яцак Пратасевіч. Ён дадаў, што калі ўлада пагодзіцца на дэмакратызацыю, то зь Беларусі будуць зьнятыя ўсе санкцыі.
Я. Пратасевіч: Эўразьвяз працягвае ўтрымліваць санкцыі супраць Беларусі. Яны, праўда, прыпыненыя на паўгоду, для таго, каб адчыніць акно магчымасьцяў для Беларусі. Адным з галоўных крытэраў, які будзе ўлічвацца пасьля шасьці месяцаў, гэта зьмены ў беларускім выбарчым заканадаўстве. Неўзабаве ў Беларусі адбудуцца мясцовыя выбары, калі яны пройдуць справядліва, то ЭЗ можа разгледзець пытаньні аб зьняцьці санкцыяў.
Нагадаем, што ў панядзелак міністры замежных справаў ЭЗ павінны прыняць рашэньне пра лёс санкцыяў супраць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.
З. Рамашэўскі: Несумненна, што краіны, якія жадаюць далучыцца да ЭЗ – гэта дэмакратычныя краіны, дзе ёсьць вольныя выбары, свабодныя СМІ й эканоміка. Беларусы павінны самі змагацца за гэтыя рэчы. Мне здаецца, што гэты форум паказвае пэўны кірунак і альтэрнатыву для грамадзтва. Паглядзім, які будзе вынік. Паўтаруся, моладзь, якую я тут сустрэў, выглядае вельмі абяцальна.
Выніковыя дакумэнты Беларускага Эўрапейскага форуму можна знайсьці на старонцы http://euraforum.info



