http://euraforum.info Дакументы Рэзалюцыя
Рэзалюцыя
Менск, 14 лістапада 2009 г.

 

МЫ, удзельнікі Беларускага Еўрапейскага Форуму,
  • усведамляючы адказнасць за будучыню Беларусі,
  • імкнучыся да пабудовы ў Беларусі дэмакратычнага, свабоднага, справядлівага і заможнага грамадства,
  • разумеючы Беларусь як неад’емную частку еўрапейскай цывілізацыі, заснаванай на спадчыне антычнасці, адраджэння, асветніцтва і ў асаблівай ступені хрысціянства,
  • прызнаючы, што інтэграцыя Беларусі ў еўрапейскую палітычную, эканамічную і культурную супольнасць ёсць неабходным чыннікам доўгатэрміновага развіцця Беларусі і гарантыяй дабрабыту, свабоды і абароненасці яе грамадзянаў,
 
ЗАЯЎЛЯЕМ пра нашу падтрымку інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую супольнасць і наш намер спрыяць паглыбленню стасункаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам;
 
ПРЫМАЕМ да ўвагі распачаты дыялог паміж урадам Беларусі і Еўрапейскім саюзам і настойваем на канструктыўных, узаемавыгадных, празрыстых і паслядоўных дзеяннях на карысць нашых народаў на глебе павагі да каштоўнасцяў чалавечай годнасці, свабоды, дэмакратыі, прававой дзяржавы і правоў чалавека;
 
УХВАЛЯЕМ далучэнне Беларусі да праграмы Усходняга партнёрства Еўрапейскага саюзу і разглядаем паўнавартасны ўдзел нашай краіны ў гэтай праграме як гістарычны шанец Беларусі далучыцца да еўрапейскай сям’і народаў;
 
ВЫКАЗВАЕМ заклапочанасць недастатковымі дзеяннямі беларускага ўраду па лібералізацыі палітычнага і эканамічнага жыцця ў краіне і лічым недапушчальным ужыванне рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў у Беларусі;
 
ЗАКЛІКАЕМ дзяржаўныя структуры Беларусі, інстытуты і грамадзянаў Еўрапейскага саюзу спрыяць пашырэнню міжасабовых кантактаў паміж Беларуссю і краінамі Еўрапескага саюзу праз:
  • спрашчэнне працэдуры атрымання візаў, зніжэнне аплаты за візы і паступовую адмену візавага рэжыму;
  • пашырэнне эканамічных кантактаў, у першую чаргу ў плане падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, прывядзення беларускага заканадаўства да еўрапейскіх стандартаў, забеспячэння энергетычнай бяспекі Беларусі і ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёну;
  • падтрымку супрацоўніцтва паміж грамадскімі арганізацыямі і навучальнымі ўстановамі;
  • стварэнне камітэту Беларусь-ЕС ў рамках Форуму грамадзянскай супольнасці праграмы Усходняга партнёрства;
 
ПАТРАБУЕМ ад беларускіх уладаў:
  • вызвалення палітвязняў і недапушчэння практыкі асуджэння па палітычных матывах;
  • паважаць свабоду сродкаў масавай інфармацыі, свабоду сумлення і веравызнання, свабоду сходаў і асацыяцыяў у Беларусі;
  • прыняць больш дзейсныя меры па эканамічнай лібералізацыі, гарантаванні адкрытага і справядлівага выбарчага працэсу і аднаўленні мясцовага самакіравання ў Беларусі;
  • прыспешыць нармалізацыю юрыдычных стасункаў Беларусі з ЕС, у прыватнасці падпісанне пагаднення аб Партнёрстве і супрацоўніцтве і далучэнне да Еўрапейскай палітыкі суседства;
  • адмяніць візавы рэжым для грамадзянаў ЕС.
 
Для дасягнення сфармуляваных Форумам мэтаў МЫ ПРЫМАЕМ Праграму дзеянняў і РАСПАЧЫНАЕМ Еўрапейскую ініцыятыву, адкрытую для ўсіх зацікаўленых суб’ектаў.
 
ЗАПРАШАЕМ Раду Еўрапейскай Інтэграцыі далучыцца ў якасці экспертнай структуры да рэалізацыі Праграмы дзеянняў.
 
ЗАКЛІКАЕМ усе структуры грамадзянскай супольнасці Беларусі далучыцца да нашай працы.
 
ЗАЯЎЛЯЕМ пра гатоўнасць да супрацоўніцтва з органамі ўлады па абароне беларускіх нацыянальных інтарэсаў і паглыбленні інтэграцыі Беларусі з Еўрапескім саюзам пры ўмове выканання вышэйзгаданых патрабаванняў.
Агульная інфармацыя пра
Беларускі Еўрапейскі Форум

Беларускі Еўрапейскі Форум, які меў на мэце мабілізацыю прыхільнікаў еўраінтэграцыі, адбыўся 14 лістапада ў палацы культуры МАЗ.

У мерапрыемсіве ўзялі ўдзел 1023 чалавекі, з іх – 827 дэлегатаў Беларускага Еўрапейскага Форуму, пераважная частка якіх была вылучана на 97 сходах, што праходзілі па ўсёй краіне.

Дэлегаты прынялі ўдзел у дыскусіях падчас працы секцый "Палітыка", "Грамадства" і "Эканоміка".

У межах Форуму былі праведзены фотаконкурс і віктарына, працавала фотазона, былі выраблены і буклеты з інфармацыяй пра перавагі еўраінтэграцыі для розных сацыяльных групаў насельніцтва.

Пасля абмеркаванняў Форум прыняў рэзалюцыю і стратэгічны план дзеянняў праеўрапейскіх сіл на бліжэйшы час, які накіраваны на збліжэнне Беларусі з Еўразвязам.

Шаноўныя дэлегаты!

Вы маеце магымасць атрымаць уласныя фотаздымкі, якія былі зроблены у фотазоне пад час форуму. Для гэтага дашліце на адрас info@milinkevich.org сваё імя, адрас і кантактны тэлефон. Абавязкова пазначце адрас старонкі, дзе размешчаны здымак. Цягам пяці працоўных дзён Вам адкажуць.